Прафсаюзы раёна падвялі вынікі работы за мінулы год

Пасяджэнне Савета Бабруйскага раённага аб’яднання прафсаюзаў прайшло ўчора. Удзел у яго рабоце прыняла загадчыца аддзела сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Запойкіна.

Асноўным пытаннем парадку дня пасяджэння стала абмеркаванне дзейнасці Бабруйскага раённага аб’яднання прафсаюзаў у 2022 годзе і задачах на бягучы — даклад аб гэтым зрабіў старшыня аб’яднання Віталь Сідзюк. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што на працягу мінулага года быў ажыццёўлены шэраг маштабных мерапрыемстваў і акцый, накіраваных на захаванне памяці аб гістарычным мінулым Беларусі. У студзені-лютым раённае аб’яднанне прафсаюзаў, прафсаюзныя пярвічкі вялі актыўную работу па абмеркаванні праекта змен і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь у працоўных калектывах, у кастрычніку-лістападзе — па абмеркаванні праекта закона аб Усебеларускім народным сходзе. Вялося абмеркаванне актаў заканадаўства, накіраваных у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, у якіх закраналіся працоўныя і сацыяльна-эканамічныя правы і інтарэсы грамадзян, большасць прапаноў распрацоўшчыкамі былі ўлічаны. На пастаянным кантролі раённага аб’яднання прафсаюзаў знаходзіліся пытанні своечасовасці выплаты заробнай платы ў арганізацыях, няпоўнай занятасці насельніцтва і г.д. Бабруйскае раённае аб’яднанне ажыццяўляла маніторынг цэн па 89 пазіцыях прадуктаў харчу, стан захавання і выкарыстоўвання стабілізацыйных фондаў пладова-агароднай прадукцыі. Пытанні выпрацоўкі механізмаў стрымання цэн абмяркоўваліся на пасяджэннях Савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, а таксама на пасяджэннях рабочай групы, створанай пры Бабруйскім райвыканкаме. Асаблівая ўвага, па словах Віталя Сідзюка, удзялялася рабоце па ўмацаванні ўнутрыпрафсаюзнай дысцыпліны ў пярвічных прафсаюзных арганізацыях раёна. На пастаяннай аснове прававымі інспектарамі аб’яднання і старшынямі прафкамаў здзяйсняўся маніторынг выканання працоўнага заканадаўства і заканадаўства аб ахове працы. Пры выяўленні парушэнняў кіраўнікам прадпрыемстваў накіроўваліся рэкамендацыі па іх выпраўленні.

Штомесяца на прафсаюзных прававых прыёмах бясплатна аказваліся кансультацыі і тлумачэнне заканадаўства краіны, якім было ахоплена больш за 150 працаўнікоў арганізацый раёна.

Пагадніўшыся з асноўнымі палажэннямі і вынікамі даклада старшыні, заслухаўшы выступленні старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый, Савет Бабруйскага раённага аб’яднаня прафсаюзаў выпрацаваў шэраг накірункаў дзейнасці аб’яднання ў 2023 годзе. Сярод іх — забяспечыць усім прафсаюзным арганізацыям раёна правядзенне ў працоўных калектывах паўнамаштабнай работы па захаванні і ўмацаванні адзінства, ідэй міру і стваральнай працы як галоўных умоў развіцця беларускай дзяржавы; раённым арганізацыям прафсаюзаў забяспечыць няўхіснае выкананне Праграмы дзейнасці ФПБ на 2020-2025 гады, звярнуўшы асаблівую ўвагу на прыняцце ўсемагчымых мер па прававой абароне членаў прафсаюза, прафілактыку вытворчага траўматызму ў арганізацыях.

— Станоўчае ў рабоце Бабруйскага раённага аб’яднання прафсаюзаў бачу ўжо ў тым, што яно значна — большна за 20 пярвічных арганізацый, павялічылася за апошнія два гады. Хацелася б, каб напоўненасць членамі прафсаюза ў гэтых арганізацыях таксама была добрая, болей за 96 працэнтаў, як і па ўсім раённым аб’яднанні, — адзначыла Алена Запойкіна.

Падчас пасяджэння Савета былі падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю ў 2022 годзе. 1-е месца ў конкурсе прысуджана пярвічцы Каменскай СШ, 2 — СВК “Гігант”, 3 — пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Бабруйскага раёна”.

Трыбуна працы