Стартавала работа Маладзёжнага парламента другога склікання

Пасяджэнне 4-й сесіі Маладзёжнага парламента пры Бабруйскім раённым Савеце дэпутатаў прайшло ў райвыканкаме. Удзел у яго рабоце прынялі старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Старавойтава, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Варанко, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання, дэпутат Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Гацко.

Падчас пасяджэння былі падведзены вынікі работы Маладзёжнага парламента першага склікання. Члены прэзідыума зацвердзілі даклады аб праведзенай рабоце кіраўнікоў трох камісій. Старшыня парламента Анастасія Гацко падзякавала маладым калегам за сумленную працу. Усім, хто садзейнічаў дзейнасці моладзі, уручыла лісты ўдзячнасці і сувеніры. Са свайго боку госці далі высокую ацэнку рабоце маладых парламентарыяў.

— Вялікі дзякуй усяму складу Маладзёжнага парламента першага склікання, які зарэкамендаваў сябе дзейснай, актыўнай, працавітай камандай, і асабліва старшыні Анастасіі Гацко, чые ініцыятыўнасць, крэатыўнасць і мэтанакіраванасць паднялі работу нашага Маладзёжнага парламента на высокі ўзровень. Спадзяюся, што і каманда маладых парламентарыяў 2-га склікання будзе такой жа зацікаўленай у выніках сваёй работы, — адзначыла Таццяна Варанко.

Другой часткай работы прэзідыума стала абранне актыву і старшыні Маладзёжнага парламента на новы тэрмін паўнамоцтваў. На пост старшыні адзінагалосна абрана член Маладзёжнага парламента 2-га склікання, галоўны спецыяліст райвыканкама Вольга Гаўрыленя.

— Упэўнена, што і праца новага склікання маладых парламентарыяў будзе плённай, бо ў яго складзе зацікаўленыя, неабыякавыя да будучыні краіны людзі. А Бабруйскі раённы Савет дэпутатаў і далей будзе юнакам і дзяўчатам ва ўсім садзейнічаць, дапамагаць — падтрымліваць любую добрую ініцыятыву з вашага боку, — адзначыла Ірына Старавойтава.

Трыбуна працы