З падарункамі — у Осаўскі храм 

Каштоўнымі падарункамі: Евангеллем, вялікім абразам Божай Маці “Замілаванне” і абразам Усіх Святых, а таксама вялікім напрэстольным Крыжам папоўнілася сёння праваслаўная царква вёскі Осава Гарбацэвіцкага сельсавета.

Шчодрыя дары храму ўручылі яго настаяцелю, айцу Сергію, сталічныя госці: стрыечныя сястра Людміла і пляменніца Таццяна (дачка Людмілы) айца Андрэя Лемяшонка — архіерэя, настаяцеля Свята-Лізавецінскага манастыра ў Мінску, чые прадзеды жылі і пахаваны на осаўскай зямлі. Удзел у мерапрыемстве прыняў і член іх роду, Ганаровы грамадзянін Бабруйскага раёна Анатоль Сінкавец.

— І матушка Галіна, і айцец Радзівон, манахіні манастыра — усе парупіліся, каб зрабіць храму такі падарунак, — адзначыла госця Таццяна. — Месца для нас сімвалічнае: тут жылі (у вёсках Осава і ўжо зніклай Віктараўцы) нашыя продкі Лемяшонкі і тут у гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала бабруйскае падполле, якое ўзначальваў адзін з нашых родзічаў — Даніла Лемяшонак. Усе мясцовыя жыхары дапамагалі падпольшчыкам — распаўсюджвалі ўлёткі, пра тыя падзеі нашымі прадзедамі напісана кніжка “Боевые спутники мои”. У гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у знак падзякі  ўсім, хто абараняў гэтую зямлю ад ворага, мы і вырашылі наведаць святое для нас месца і адслужыць паніхіду па людзях, якія жылі на гэтай зямлі, якія загінулі, яе вызваляючы.

Пасля паніхіды айцец Сергій шчодра падзякаваў гасцям. Ён таксама выказаў цёплыя словы ў адрас мясцовых жыхароў і бабруйчаніна Алега Аркадзьева.

Два гады прайшло, як пачала функцыянаваць царква ў Осава. Цяпер пабудова — колішні жылы дом — перажывае рамонт. Якасна выканана ўнутранае ўбранне, вядзецца аднаўленне даху. Дзякуючы дапамозе прыхаджан, натхненню і падтрымцы, у тым ліку фінансавай, Алега Леанідавіча, царква ўпэўнена набывае адноўлены выгляд, прыцягваючы ў свае сцены мясцовых жыхароў і навакольных вёсак.

Трыбуна працы