Моладзь Бабруйскага раёна прыняла ўдзел у абласной маладзёжнай дыялогавай пляцоўцы

У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва Рэспублікі Беларусь, у Шклоўскім раёне прайшла абласная маладзёжная дыялогавая пляцоўка «30 гадоў развіцця, стварэння і незалежнасці». Арганізатарамі выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі.

Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі маладзёжных парламентаў, створаных пры гаррайсаветах дэпутатаў, і грамадскіх арганізацый Магілёўшчыны, усяго 50 чалавек. Ад Бабруйскага раёна ў абласной дыялогавай пляцоўцы ўдзел прынялі настаўніца хіміі і біялогіі Міхалёўскай СШ Кацярына Здановіч і кіраўнік гуртка раённага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Аксана Рычкова. Дарэчы, дзяўчаты яшчэ нядаўна знаходзіліся ў статусе маладых спецыялістаў, а сёння замацаваліся на сваім першым працоўным месцы і актыўна прымаюць удзел у грамадска-палітычным жыцці раёна.

Перад удзельнікамі дыялогавай пляцоўкі выступіў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк.

Маладыя людзі паўдзельнічалі ў інтэлектуальным квізе, наведалі гісторыка-краязнаўчы музей Александрыйскай сярэдняй школы і клас-музей першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, музей баявой і працоўнай славы ЗАТ “АСБ-Агра Гарадзец”, Трафімаву крыніцу. Абмяняліся меркаваннямі па значных пытаннях сацыяльна-палітычнага жыцця грамадства.

Трыбуна працы